НАРО́ДНЫЯ ТЭА́ТРЫ,

найвышэйшая форма развіцця аматарскага тэатр. мастацтва на Беларусі. Існуюць таксама ў інш. краінах СНД і Балтыі. Найменне «народны» надаецца калектывам са стабільным складам удзельнікаў, паўнацэнным у маст. адносінах рэпертуарам, скіраваным на развіццё бел. нац. драматургіі, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв. маст. культуры, якія рэгулярна выступаюць перад насельніцтвам. На Беларусі існуюць з 1959. Працуюць на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры (гар. — ГПК, ГДК, раённых — РДК, сельскіх — СДК), клубах, розных цэнтрах і інш. на чале з прафес. рэжысёрамі. У сваёй дзейнасці карыстаюцца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Творчую і метадычную дапамогу Н.т. аказваюць абл. метадычныя цэнтры нар. творчасці, навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы, Нац. цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Бел. ін-т праблем культуры, прафес. т-ры і інш. Н.т. ўмоўна падзяляюць на драм., муз.-драм., т-ры юнага гледача, тэатры-студыі, паэтычныя (чытальнікаў), агітбрыгады (якія з 1990-х г. пераўтвараюцца ў т-ры мініяцюр, сатыр., маладзёжныя) і інш. Узніклі і новыя формы — Н.т. гульнявыя; песні, музыкі і гульні; т-ры моды. На Беларусі (2000) 121 Н.т., у т. л. 71 драм., 12 агітбрыгад, 10 т-раў мініяцюр, 6 тэатраў-студый, 4 т-ры пантамімы, 3 маладзёжныя, 2 т-ры юнага гледача і інш. Сярод іх: т-ры Баранавіцкага (з 1959) і Івацэвіцкага (з 1994) ГДК, песні, музыкі і гульні «Крынічка» Кобрынскага ГДК (з 1993), тэатры-студыі «Раёк» Брэсцкага абл. цэнтра маладзёжнай творчасці (з 1996), «Дыяген» Пінскага ГДК (з 1959), т-ры «Сінтэз» Віцебскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1977), «Пошук» (з 1992) і мініяцюр «Балаган» (з 1993) Лепельскага РДК, «Ідучыя на смех» Падсвільскага ГДК Глыбоцкага р-на (з 1996), «Фанограф» Гарадоцкага РДК (з 1986), «Пілігрым» Полацкага ГДК (з 1979), Веткаўскага ГДК (з 1985), Рагачоўскага ГДК (з 1962), сатыры і гумару «Ком-Ікс» Мазырскага ГДК (з 1997), «Спадчына» ПК Светлагорскага ВА «Хімвалакно» (з 1977), драмы і камедыі Ваўкавыскага ГДК (з 1985), Мастоўскага РДК (з 1995), «Валянцін» (з 1997) і мініяцюр «Серпанцін» (з 1994) Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу; «Відарыс» Барысаўскага ГПК (з 1959), драмы і камедыі імя У.Галубка Слуцкага ГДК (з 1961), гульнявы «Капыльскія пацехі» Капыльскага раённага цэнтра культуры (з 1990), мініяцюр Дома культуры Барысаўскага ВА «Экран» (з 1983); «На доўгім бродзе» Палаца культуры трактарнага з-да (з 1963), чытальнікаў «Жывое слова» Бел. пед. ун-та (з 1977), «Жывая планета» Рэсп. Палаца культуры «Юнацтва» (з 1989) і пантамімы «Рух» Рэсп. ПК Бел. т-ва глухіх (з 1973), агітбрыгада «Панацэя» лячэбнага ф-та мед. ін-та (з 1980; усе г. Мінск). Гл. таксама Народныя самадзейныя калектывы.

А.А.Скарына.

Да арт. Народныя тэатры. Сцэны са спектакляў: «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча. Ваўкавыскі тэатр драмы і камедыі гарадскога Дома культуры (злева); «Дзень нараджэння інфанты» паводле О.Уайльда. Брэсцкі тэатр-студыя «Раёк».

т. 11, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)